Спасение православного храма в Ляховичах

Рисунок1

Выратаванне храму

Цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады немагчыма было перажыць без духоўнай падтрымкі. Нашы землякі здзейснілі ў гэтыя часы не толькі працоўны, але і духоўны подзвіг. Каб гэта ўсвядоміць, дастаткова ўспомніць рэпрэсіі і здзекі, якія цярпелі веруючыя людзі ў савецкія часы. У 1948 годзе праваслаўнаму прыходу ў Ляхавічах належыў толькі папоўскі дом (каменны храм быў адабраны дзяржавай на гаспадарчыя патрэбы), з якога пабудавалі часовую царкву – капліцу. Выканком атрымаў патаемны загад ад вышэйшай улады знішчыць і яе. Вельмі ж раздражняючым было відовішча царквы ў цэнтры горада, на плошчы паблізу базара – гэта ж несумясціма з новым сацыялістычным будаўніцтвам!

Для пачатку храм было вырашана перанесці бліжэй да могілак, на ўскраек горада – далей ад актыўнага жыцця. Але дарога туды ляжала праз мясцовую рэчку Ведзьму, на беразе якой і павінна была адбыцца трагедыя. У назначаны дзень святар царквы айцец Яўген Петрашкевіч адправіўся да прадстаўнікоў улады дакладваць аб пачатку пераносу царквы, ды і затрымаўся там, каб адвесці іх ўвагу ад працэсу.

А тым часам вернікі акружылі храм, абляпілі яго, як пчолы вулей, нібы жадаючы сваімі целамі засланіць яго ад бяды, зберагчы святыню, якая засталася пасля жудасных падзей гэтага неспакойнага века. Дакацілі да рэчкі пастаўлены на бервяных чурках храм, перакацілі яго праз мост. Усю ноч кіпела праца, і да раніцы царкву ўстанавілі на новым месцы. Патаемны загад ніхто не змог выканаць: не дапамаглі ні агонь, ні яскравая назва рэчкі, ні пагрозы. Так і засталася стаяць царква на новым месцы. У 90-я гады яе абклалі цэглай, паступова добраўладкавалася тэрыторыя вакол храма. І цяпер яна адорвае благадаццю праваслаўны прыход нашага горада, які вытрымаў нялёгкія выпрабаванні пяці стагоддзяў.

 

Свята-Крыжа-Узвіжанская царква у Ляхавічах, разбураная ў 60-я гады ХХ стагоддзя

А сама каменная прыгажуня-царква, з распісанымі фрэскамі сценамі, якая ў розныя часы належыла то католікам, то праваслаўным, прастаяла на плошчы да 60-х гадоў ХХ стагоддзя, і была ўсе ж такі ўзарвана савецкімі ўладамі. Да нас дайшлі толькі рэдкія фотаздымкі, успаміны жыхароў горада ды капліца, пабудаваная намаганямі сучаснага праваслаўнага святара ў памяць аб святыні. Калі вы будзеце ў Ляхавічах, вы ўбачыце яе на левым беразе Ведзьмы. Падыдзіце, памаліцеся, ускладзіце кветкі ў памяць аб усіх тых, хто абараняў сваю веру і Айчыну. А месца гэтае сапраўды святое: калі будуецца і асвячаецца царква, ёй надаецца анёл-ахоўнік, які з гэтага месца не сыйдзе да самага канца свету, нават калі храм перастае існаваць.

Comments are closed