Потаповичские камни

Потаповичские камни

Легенда пра камяні з вёскі Патапавічы

Даўно тое было, яшчэ дзяды нашы на свет не нарадзіліся. Але ж і тады людзі ў згодзе не жылі. Аб’явілася ў тыя часы вайна з туркамі. Многіх мужчын з вёскі пабралі ў войска жаўнёрамі. Жаўнер не бядак: шапка на макушку, шабелька на брушку, вус закручаны, бот пачарнёны. Не смейся, брат, будеш і ты салдат. Вядома ж – мора без вады, а вайна без крыві не бывае. Вайна кроў людскую п’е. Вось і з патапавіцкіх мужыкоў ніхто з той вайны дадому не вырнуўся. Паляглі ўсе як адзін на чужой старонцы. Чакаюць жаўнерскія жонкі вестачак ад сваіх каханых, таго не ведаючы, што даўно яны ў сырой зямельцы ляжаць. І вось аднойчы адной з жаўнерак, а звалі яе Лізаветаю, прысніўся сон: бачыць яна свайго мужа, маладога, у белай святочнай кашулі, якую сама саткала і прыгожымі кветкамі вышыла. Глянуў ён на Лізавету сумнымі вачамі, а потым ціхім голасам папрасіў, каб яна, калі сапраўды кахае яго, адняла камень, што пдтрымлівае вугал пуні, і закаціла яго на ўзгорак за сялом. Адчуваючы, што нешта дрэннае здарылася з яе мужам, працягнула Лізавета да яго рукі, а ён моўчкі адхіліўся. Раптам, скрозь сон, пачула жанчына, што заплакала дзіця ў калысцы. А муж ёй і кажа: “Ідзі да нашага сына, Лізавета, ты не павінна пакідаць яго нават дзеля мяне. Памятай пра просьбу маю”.

Прачнулася Лізавета. Хлопчык спакойна спіць. Значыць, ёй толькі падалося, што чула яго плач. А сон з галавы не ідзе. Раптам застукалі дзверы, і ў пакой убегла суседка, сяброўка Лізаветы. Расказала яна, што і да яе ў сне муж прыходзіў, скардзіўся, што цяжка яму на чужыне. Прасіў хату яму новую падрыхтаваць – камень закаціць на ўзгорак за сялом. Глянулі сяброўкі адна адной у вочы, абняліся і заплакалі. Бяда дый годзе! Пакрысе ноч мінула. У акне развіднела. Сабраліся сяброўкі і пайшлі выконваць мужоў наказы. Закацілі, адна адной памагаючы, камяні на ўзгорак. І бачаць бабы – з усіх канцоў сяла коцяць да ўзгорку камяні мясцовыя жаўнеркі. Загаласілі ў прадчуванні вялікага гора аднавяскоўкі. Паліліся слёзы на камяні, што жанчыны прыкацілі, і пачалі раптам праступаць на іх крыжы. На якіх праваслаўныя, на якіх каталіцкія. З тых часін жонкі загінуўшы жаўнераў прыходзілі да тых камянёў, прыносілі кветкі і размаўлялі з імі, як пайшоўшым ад іх каханым. Верылі жанчыны, што, хаця і ляжаць іх мужы ў чужой зямельцы, душы іх тут. Вярнуліся яны да родных мясцін, бо ўсё на гэтым свеце рана ці позна вяртаецца да сваіх вытокаў. А камяні-валуны і па сённяшні дзень стаяць, як памяць аб загінуўшых земляках сваіх.

Обсуждение закрыто.