Галерея
-
Свежие записи
День: 07.09.2020
Ягадны тур. У Ляхавічах распрацавалі незвычайны тур.
Збіраемся каля спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву і… гайда ў лес за ягадамі. І гэта не жарт…
З кожным годам турыстычная прывабнасць Ляхавіччыны ўзрастае, з’яўляюцца чарговыя маршруты, на экскурсійным небасхіле – новыя аб’екты. І вось чарговая прапанова як для гасцей, так і для землякоў.
Распрацаваны незвычайны – ягадны – маршрут, калі даклад- ней – журавінны.
– Ляхавіцкая зямля багатая не толькі на спартыўныя і творчыя таленты, але і дары прыроды. Чарніцы, суніцы, маліны, журавіны, грыбы – у лясах гэтых скарбніц вітамінаў вялікая разнастайнасць. Пры жаданні можна сабраць добры ўраджай, каб і ў сезон удосталь паласавацца і зрабіць запас на зіму. Вырашылі, чаму б не скарыстацца такім падарункам прыроды для прыцягнення турыстаў у наш гасцінны край. Так і нарадзілася ідэя распрацаваць «ягадны тур», – расказвае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Яго змест даволі просты. Збіраецца група аматараў ціхага палявання і адпраўляецца на транспарце ў лес, дзе на працягу некалькіх гадзін збірае ягады.
Пералічваць каштоўныя ўласцівасці вітамінных журавін можна доўга. Яны лічацца прыродным антыбіётыкам, антыаксідантам, таму ягады, сокі, морсы, настоі з іх часта выкарыстоўваюць пры прастудах, для лячэння авітамінозу, ангіны, рэўматызму, піеланефрыту, цыстыту, карыесу, запалення дзяснаў, пры адсутнасці апетыту, рэкамендуюцца тым, хто пакутуе сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Ягады, сабраныя да першых замаразкаў, могуць захоўвацца ў свежым выглядзе ў ёмістасцях, напоўненых вадой, да наступнага ўраджаю, пры гэтым вітамін С не разбураецца.
З 30 жніўня на тэрыторыі Брэсцкай вобласці дазволены збор журавін. Як вядома, гэтыя ягады растуць у балоцістых мясцінах. І самастойна не кожны вырашыцца адправіцца за імі. Фізкультурна-спартыўны клуб запрашае на збор журавін з захаваннем усіх правілаў бяспекі.
Фарміруецца група ў колькасці 14 чалавек, якія ў прызначаны час збіраюцца каля СДЮШАР. Потым пасля інструктажу на мікрааўтобусе ягаднікі адпраўляюцца ў лясны масіў каля вёскі Навасёлкі Крывошынскага сельсавета. Суправаджаць групу будзе інструктар-метадыст. Кошт такой вандроўкі за дарамі лесу – 14 рублёў на чалавека. Групы фарміруюцца па меры падачы заявак. Запісацца можна па гарадскім нумары 6-05-58 ці па мабільным +37529-729-55-48.
Дарэчы, як адзначыла Валянціна Русакевіч, яшчэ адна перавага такой калектыўнай паездкі ў лес у тым, што інструктар-метадыст дакладна ведае, дзе можна збіраць ягады, а дзе гэта рабіць не дазваляецца. Таму нялішнім будзе папярэджанне, што за збор, нарыхтоўку дзікарослых ягад і грыбоў на забароненай тэрыторыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (540 рублёў) фізічным асобам, да 100БВ – індывідуальным прадпрымаль-нікам, да 150 БВ – юрыдычным асобам.
Галіна КАНЬКО.