Цуд з Бялынічаў
Мала каму вядома паданне аб прыбыванні ў Ляхавіцкім замку цудатворнага вобразу Бялыніцкай Божай Маці. А між тым гэта адно з самых цудоўных і цікавых паданняў тых часоў на нашай зямлі.
Бялыніцкі вобраз Божай Маці, вядомы з 1623 года — адна са святынь Беларусі. Згодна паданню, манахі беспаспяхова намагаліся знайсці мастака, які мог намаляваць ікону Божай Маці. У адчаі яны звярнуліся з малітвай да Бога. Неўзабаве ў манастыры з’явіўся юнак-паломнік, які назваў сябе мастаком. Пакуль манахі спявалі малітву Багародзіцы, ен напісаў на дошцы лікі Божай Маці і Немаўлята Хрыста цудоўнай прыгажосці. Юнак жа прадказаў, што ў хуткім часе Багародзіца сама ўпрыгожыць сябе адзеннем (і сапраўды, у 1761 годзе адбылося ўрачыстае каранаванне вобраза каронамі, асвечанымі ў Рыме на сродкі Сапегаў і Агінскіх). Ікона была перанесена інакамі ў Свята-Іліінскі храм, дзе заззяла ў час усяночнага дбання. Гэты цуд адлюстраваны ў 2 ікасе акафіста Бялыніцкай іконе: “Разумети хотяще дивное чудо, како от святыя Твоея иконы исхождаху светящияся лучи, боголюбивии иноцы, принесше святый образ Твой в страну нашу и поставивше в церкви пророка Илии, егда от пресветлых лучей сих в нощи бысть светло аки во дни, со страхом и трепетом совершаху всенощное моление пред святою Твоею иконою и укрепляхуся надеждою на милосердие Божие.” У 1596 годзе, пасля падпісання Брэсцкай уніі, царква ў імя прарока Іліі была аддана уніятам, а затым разбурана.
Бялыніцкі вобраз Божай Маці надбаў славу ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667гг. Згодна паданню, у 1655 годзе ікона была перавезена ў Ляхавіцкую крэпасць. Яе з пашанай размясцілі ў крэпасным касцёле. Абарона крэпасці суправаджалася маленнямі перад цудатворным вобразам. Недарма кажуць: “Па веры вашай будзе вам”. І сапраўды, вера ў дапамогу Багародзіцы была непахіснай. Як вораг ні стараўся, зрабіць ён нічога не змог. Ні нападкі войскаў цара Аляксея Міхайлавіча пад узначаленнем І.А. Хаванскага, ні трохмесячная аблога фартэцыі, не дапамаглі ўзяць крэпасць. Многа палягло абаронцаў фартэцыі, мала што засталося і ад саміх Ляхавіч: большасць двароў з мясцовымі жыхарамі загінула. Але побач з жудаснымі разбурэннямі ззяла радасць: “Выстаялі!!! Дзякуй Богу!!! Дзякуй Табе, Прысвятая Багародзіца!!!” Сказанне аб цудоўным з’яўленні вобраза і выратаванні Ляхавіцкай крэпасці было надрукавана асобнай брашурай перад каранацыяй іконы. Пасля сканчэння вайны 1654-1667 гадоў вобраз вярнуўся ў Бялыніцкі манастыр. З канца 17 стагоддзя каля яго фіксаваліся цудоўныя лекаванні і спасенні з яго дапамогай. У другой палове 18-19 стагоддзяў вобраз карыстаўся вялізарнай пашанай хрысціян розных канфесій, асабліва ва Усходняй Беларусі. Свята іконы пазначалася 12 красавіка. Вобраз застаўся на сваім і месцы пасля перадачы ў 1876 годзе Бялыніцкага касцёла праваслаўнаму святарству. Пасля закрыцця царквы ў 1930-х ікона захоўвалася ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, адкуль знікла ў час другой сусветнай вайны. Найбольш блізкі спіс каштоўнасцей сярэдзіны 17 стагоддзя знаходзіцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклора Нацыянальнай АН Беларусі.